Knigionline.co » Книги Приключения » Авантуры студыёзуса Вырвіча

Авантуры студыёзуса Вырвіча - Людміла Рублеўская (2014)

Авантуры студыёзуса Вырвіча
Это вторая книга, рассказывающая о приключениях в XVIII веке молодого шляхтича Пранциша Вырвича и доктора Варфоломея Лёдника из Полоцка. Сейчас сифилис стал студентом Виленской академии, а доктор Лёдник, бывший слуга Пранциша, - суровым профессором этой академии. Обоим литвином придется отправляться в опасную поездку аж в Англию, через всю Европу, оживлять куклу-автомат по имени Пандора, убивать настоящего дракона, бежать от чумы, выпутываться из магнатских заговоров вокруг трона Речи Посполитой и зарабатывать деньги в лондонском бойцовском клубе ...

Авантуры студыёзуса Вырвіча - Людміла Рублеўская читать онлайн бесплатно полную версию книги

Толькі звон, які абвесціў, што час гасіць агні, змусіў перарваць працу. Зараз жа зашчоўкаў металічны салавейка, васковая рука Пандоры здрыганулася, і заціснуты ў ёй аловак правёў па аркушы яшчэ некалькі пісягоў, потым лінія трохі збочыла… Але далей справа не пайшла.

– Ну, амаль дарабілі! – задаволена прамовіў Лёднік, размазваючы па шчацэ тлустую чорную пляму. – Трэба толькі замяніць спружынку… Заўтра і зробім, і паненка нам нешта напіша…

– Бутрым, – нечакана сур’ёзна загаварыла Саламея, паглядаючы ў мёртвыя вочы Пандоры. – Мне чамусьці неспакойна… Не падабаецца мне гэтая лялька. З чаго б такі дзіўны падарунак ад гетмана? Ці не хаваецца тут нейкая інтрыга, і мы ізноў ублытаемся па самыя вушы ў крывавыя прыгоды?

– Перастань, Залфейка, – паблажліва прамовіў стамлёны Лёднік. – Гэта ўсяго толькі цікавы дарагі аўтамат для забавы багацеяў. Упэўнены – каб не хвароба, князь проста запрасіў бы мяне дапамагчы запусціць гэтую штуку, падзівіліся б усе, дый годзе. У пана Караля Радзівіла вунь залаты паўлін маецца, які ходзіць ды хвост распускае. Якія тут могуць быць таямніцы, акрым механічных?

– Магчыма, і так… – ціха прамовіла Саламея. – Але ты сам распавядаў мне гісторыю пражскага Галема. І я адчуваю, што найлепей было б табе ўзяць якую сякеру, пасячы гэтую ляльку на друз ды патапіць у Вяллі…

– Нервы ў цябе расхадзіліся, Залфейка! Запару табе нанач ільвінай травы… – Лёднік прыхінуў да сябе жонку, пацалаваў яе ў лоб.

– Усё, рушылі… А ты, кот марцовы, – сурова зірнуў на Пранціша, – пойдзеш з намі. І адгэтуль пераселішся ў наш дом. Цяпер штодзень, як сцямнее – каб быў у пакоі! Ясна?

– Ясна… – прабуркатаў Вырвіч. Пані Саламея нахмурылася.

– А што здарылася? Чаму ты так сурова з хлопчыкам? Пан Вырвіч нешта ўтварыў?

– Пасля раскажу… – незадаволена адказаў прафесар, зашпільваючы камзол.

А пад вакном раўлі п’яныя галасы, нібыта грэшныя нашчадкі Адама прасіліся да дабравернага Ноя ў каўчэг, які ўздымаецца на хвалях сусветнага патопу ўсё вышэй і вышэй:

– Памёр ягоная мосць князь Радзівіл! Аплачам вялікага гетмана! Гуляйма, пане-браце, у памяць шчодрага князя нашага!

У апусцелым кабінеце глядзела ў цемру шэрымі мёртвымі вачыма васковая лялька ў белым парыку, упрыгожаным перлінамі, і ніхто не бачыў, акрамя металічнага салавейкі, што яе рука з заціснутым у пальцах алоўкам здрыганулася…

Раздзел другі. Малюнак Пандоры

Калі старажытныя грэкі хацелі ўшанаваць памяць памерлага, ставілі над ягонай магілай не звычайны помнік, а так званы курас. Аголеную гліняную фігуру гэткага ідэальнага, абагуленага нябожчыка. З належнымі прапорцыямі, са слепавокім усмешлівым тварам, доўгімі кудзерамі, шырокімі плячыма… І правільна, смерць усіх раўняе, навошта нашчадкам памятаць, што былі нябожчыкі на момант адыходу з гэтага свету лысыя, кульгавыя, гарбатыя, з адвіслымі жыватамі, а сузіраючы гадамі надмагільны курас, нават той, хто калісьці ўкладваў у непрыгожа разяўлены бяззубы рот з ссінелымі вуснамі мядзяны абол – плату Харону, пачынаў верыць, што нябожчык быў менавіта вось такі – упэўнены ў сабе, усмешлівы прыгажун ды асілак…

Дзеля вялікага гетмана і віленскага ваяводы не трэба было ляпіць глінянага ёлупа, каб усе і кожны ўявілі яго сармацкім рыцарам без адзінае заганы. Бо ўслаўленні вартасцяў памерлага набывалі ўсё большую моц, шляхта адзін перад адным спаборнічала ў вынаходніцтве велягурыстых азначэнняў, чаму, ясная справа, спрыяла рака медавухі, якая шчодра лілася за хаўтурнымі сталамі. Сын нябожчыка, ягоная мосць Караль Радзівіл, нават мыкаць ужо не мог, так зацята гора сваё тапіў… Казалі, што нават падпісаў, не чытаючы, падсунутую яму ўвішным сябруком Богушам дарчую на маёнтак Дубінкі, ну і немавем што яшчэ з дабрасардэчным князем, у жаль абрынутым, хціўцы ўсялякія вытваралі…

Перейти
Наш сайт автоматически запоминает страницу, где вы остановились, вы можете продолжить чтение в любой момент
Оставить комментарий