Knigionline.co » Книги Приключения » Авантуры студыёзуса Вырвіча

Авантуры студыёзуса Вырвіча - Людміла Рублеўская (2014)

Авантуры студыёзуса Вырвіча
Это вторая книга, рассказывающая о приключениях в XVIII веке молодого шляхтича Пранциша Вырвича и доктора Варфоломея Лёдника из Полоцка. Сейчас сифилис стал студентом Виленской академии, а доктор Лёдник, бывший слуга Пранциша, - суровым профессором этой академии. Обоим литвином придется отправляться в опасную поездку аж в Англию, через всю Европу, оживлять куклу-автомат по имени Пандора, убивать настоящего дракона, бежать от чумы, выпутываться из магнатских заговоров вокруг трона Речи Посполитой и зарабатывать деньги в лондонском бойцовском клубе ...

Авантуры студыёзуса Вырвіча - Людміла Рублеўская читать онлайн бесплатно полную версию книги

Праўда, каб і паставілі ў гэтыя дні па антычным звычаі пасярод Вільні па князі Міхале Казіміры Радзівіле гліняны стод, адразу ж на друз яго растаўклі б неасцярожныя ў горы сваім прыхільнікі…

Так што нікога не здзівіла жывапісная група, якая сярод буйназорай вераснёўскай ночы мерала ўсе куты па Вастрабрамскай вуліцы: двое шляхцюкоў, у расхінутых кунтушах і жупанах, са збітымі набакір шапкамі, і куртаты, але таўсманны слуга, які спрабаваў надаць сваім панам больш-менш просты накірунак руху. Праўда, шляхціцы не раўлі і не спявалі. Старэйшы ды вышэйшы толькі лаяўся скрозь зубы, але неяк дзіўна, на нетутэйшых мовах, адразу некалькіх, ды час ад часу скрушна паўтараў па-беларуску:

– Тры лекцыі! Тры лекцыі назаўтра!

Той, што маладзейшы, якога вадзіла ў лукаткі не менш, суцяшаў спадарожніка неслухмяным языком, нібыта ў роце пагаспадарылі пчолы:

– Плюнь ты, Бутрым, на тыя лекцыі! Ты цяпер шляхціц, а не трубка клісцірная!

Старэйшы рэзка спыніўся, ледзь не паваліўшы ўсю кампанію, і грозна зарычэў нізкім голасам:

– Я – сын гарбара! Не збіраюся забываць пра сваё паходжанне! Мой герб – мае веды! Я – доктар! Я вучу і лячу, і ў тым прызначэнне маё! Апостал Пётр рыбаком быў, і гэтага не саромеўся! А Госпад наш – сын цеслі!

Недзе побач завыў сабака, ягонае жаласнае выццё ахвотна падхапілі хвастатыя адзінапляменнікі ва ўсіх дварах ажно да базыльянскіх муроў.

– Ціха ты, шаленец кручаны! Хочаш, каб за блюзнерства ды абразу рыцарства ў вязьніцу заканапацілі? – злосна тузануў спадарожніка малады шляхціц, чый русявы чуб прыліп да потнага ілба. – Магу зноў цябе ў слугі ўзяць, калі панам быць не хочаш! І ўвогуле… зараз пашлю Хвэльку за пані Саламеяй!

Хвэлька, амаль цвярозы і змэнчаны, другое вынікала з першага, страпянуўся, ягоны круглы кірпаносы твар прасвятлеў надзеяй, як поўня, з якой спаўзла сумная хмарка…

– І праўда, пан Пранціш, давайце я збегаю, паклічу пані, тут ужо недалёка, а вы ягоную мосць пана доктара папільнуеце! Во як яго разабрала – ніколі такім не бачыў… З непрывычкі, відаць. Бо ён жа звычайна і не п’е зусім, адны свае адвары… А гэта шкодна! – голас Хвэлькі зрабіўся павучальным, хаця ягоныя маленькія празрыста-шэрыя вочы ўвесьчасна скошваліся палахліва ў бок гаспадара, які бездапаможна звесіў галаву, так што шапка ледзь не звальвалася. Гэткі непрывычны выгляд доктара надаў слузе адвагі.

– Нельга мужчыне зусім без віна ды гарэліцы… Гарэліца рабакоў забівае, і сала без гарэлкі ў жываце перасядае… – працягваў бубнець Хвэлька. – Вось ранейшы мой гаспадар, пан Адам Малахоўскі, уладуй, Божа, ягоную душаньку ў нябёснае карчомцы, адным духам мог кварту медавухі выпіць – і нічога! Нават яснавяльможага пана нашага караля, Аўгуста Саса, аднойчы перапіў, з двух кубкаў, імя якім было Іван ды Іваніха… – Хвэлька настальгічна ўздыхнуў. – Ах, пане Пранціш, а як жа пышна хавалі гасцей на могілках ля панскае сядзібы! І кожны дзень служылі ў касцёле імшу за памерлых ад панскага пачастунку! Ды за такое пахаванне можна паўжыцця аддаць. А ў вас што… Гі-гі-ена адна, цьху! Пасля добрага шляхецкага застолля госці не павінны на сваіх нагах дамоў ісці! Ганьба гэта! А самае нядобрае – не даваць сумленаму слузе свайму выпіць у гасцях ані глыточка добрага вінца…

– Язык ампутую! – раптам раўнуў Лёднік, падняўшы галаву, і слуга спалохана віскнуў:

– Дык, можа, я за пані Саламеяй?..

Перейти
Наш сайт автоматически запоминает страницу, где вы остановились, вы можете продолжить чтение в любой момент
Оставить комментарий