Knigionline.co » Книги Приключения » Авантуры студыёзуса Вырвіча

Авантуры студыёзуса Вырвіча - Людміла Рублеўская (2014)

Авантуры студыёзуса Вырвіча
Это вторая книга, рассказывающая о приключениях в XVIII веке молодого шляхтича Пранциша Вырвича и доктора Варфоломея Лёдника из Полоцка. Сейчас сифилис стал студентом Виленской академии, а доктор Лёдник, бывший слуга Пранциша, - суровым профессором этой академии. Обоим литвином придется отправляться в опасную поездку аж в Англию, через всю Европу, оживлять куклу-автомат по имени Пандора, убивать настоящего дракона, бежать от чумы, выпутываться из магнатских заговоров вокруг трона Речи Посполитой и зарабатывать деньги в лондонском бойцовском клубе ...

Авантуры студыёзуса Вырвіча - Людміла Рублеўская читать онлайн бесплатно полную версию книги

Лёднік прынёс са свайго стала аркуш, паклаў пад руку Пандоры. Пранціш, не чакаючы запрашэння, з радасным прадчуваннем націснуў на маленькі падважнік у спіне лялькі. Пачуўся лёгкі шум, нібыта слізгалі па хрумсткім снезе санкі, потым нешта ўнутры васковай фігуры грукнула, Пандора рэзка прыўзняла твар, і яе вочы сустрэліся з вачыма студыёзуса. Вырвіч ледзь утрымаўся, каб не адскочыць ад д’ябальскай фігуры. Лялька паглядзела направа, налева, прычым паварочвалася не толькі галава, але і вочы таксама, а грудзі ўсхвалявана ўздымаліся. Потым варухнулася рука з алоўкам… Рыска за рыскай на аркушы пачаў узнікаць знаёмы малюнак. Пандора ўважліва ўглядалася ў яго, пакручваючы галавой, а па скуры Вырвіча мітусіліся звар’яцелыя ледзяныя мурашкі. Нешта ў тым, што адбывалася, было брыдкае, бязбожнае… Злая пародыя на жыццё.

Лёднік трымаў побач два аркушы: выявы нічым не адрозніваліся, хіба другая была больш выразная, нібыта ў абуджанай ад сну лялькі прыбавілася сілаў, і яна цяпер больш моцна націскала на аловак.

– За гэтым малюнкам абавязкова павінна нешта важнае хавацца! – сцвердзіў Вырвіч. – Нездарма ягоная мосць Пане Каханку хоча займець гэты аўтамат!

– Думаю, гэта князю іншыя ўвялі ў вушы, той жа ягоны канфідэнт Богуш, – няўважна прагаварыў Лёднік, углядаючыся ў малюнкі, нібыта яны былі двумя прорвамі, у якія ўвалілася нешта каштоўнае. – Ягонай мосці Каралю Радзівілу, на нашае шчасце, зараз не да нейкіх лялек, таму за мяне ўсур’ёз і не ўзяліся…

Лёднік скруціў аркушы ў трубку. Ягоны твар пацямнеў, зморшчына між бровамі паглыбілася.

– І тыя, каму патрэбная Пандора, не адступяцца.

Вырвіч таксама спахмурнеў.

– Спадзяюся, ты не збіраешся аддаваць сваю спадчыну?

Прафесар памаўчаў.

– Аддаваць не збіраюся. А вось забраць – могуць. Я з альбанчыкамі адзін не спраўлюся. Нават з тваёй дапамогай. Так што пакуль нікому не кажы пра тое, што механізм адрамантаваны. Можа, пакуль Богуш з кампаніяй будуць упэўненыя, што аўтамат зламаны, нічога ўтвараць не стануць? А я распараджуся, каб ляльку заўтра ж перанеслі ў маю патаемную лабараторыю.

Што азначала – у сутарэнні. Выпрасіў там Лёднік у рэктара куток дзеля рызыкоўных доследаў, у дадатак да афіцыйнай лабараторыі. Ключ ад тых апартаментаў меўся толькі ў прафесара, а бывалі туды дапушчанымі некалькі давераных вучняў, што цвёрда вырашылі стаць медыкамі, ды, вядома, Вырвіч. Праз падземны ход, які цягнуўся ажно да каралеўскіх стайняў, зручна было прыносіць трупы для доследаў. Пранціш падазраваў, што лабараторыю перыядычна абшукваюць езуіты – нельга ж дапусціць да непапраўнага блюзнерства, але Лёднік алхіміяй больш не займаўся, золата не варыў, духаў не выклікаў. А ўскрываць трупы ў еўрапейскіх універсітэтах даўно не было забароненым – наадварот, гэта рабілі ў анатамічных тэатрах, перад сотнямі вачэй, апошнім часам сталася модным прыводзіць туды тытулаваных дам, якія павісквалі на галерэі і прыгожа трацілі прытомнасць у абдоймах сваіх спадарожнікаў. Смерць пераставала быць таемствам, робячыся балаганным відовішчам. У любой кніжнай лаўцы прадаваліся падрабязныя анатамічныя атласы, у любой аптэцы Італіі, Францыі, Швейцарыі выраблялі расфарбаваныя васковыя муляжы ўскрытага цела. Але тут, у Вільні, нават загадчык кафедры мог дазволіць сабе падобныя практыкаванні толькі ў сутарэннях.

Цяпер туды адправіцца і васковая лялька.

Лёднік, які ніяк не мог змусіць сябе адарвацца ад “прэцэдэнту”, корпаўся ў вантробах аўтамату так аддана, нібыта яго маглі кожнае імгненне вырваць з ягоных алхімічных рук. Вырвічу аж надакучыла. Нарэшце прафесар, задаволены, бы кот, які нарэшце дабраўся да гаспадарскай каўбасы і цішком прыгаварыў яе, стамлёна выцер спацелы лоб і абвесціў, што прынцып дзеяння ён у агульных рысах усвядоміў.

Перейти
Наш сайт автоматически запоминает страницу, где вы остановились, вы можете продолжить чтение в любой момент
Оставить комментарий