Knigionline.co » Книги Приключения » Авантуры студыёзуса Вырвіча

Авантуры студыёзуса Вырвіча - Людміла Рублеўская (2014)

Авантуры студыёзуса Вырвіча
Это вторая книга, рассказывающая о приключениях в XVIII веке молодого шляхтича Пранциша Вырвича и доктора Варфоломея Лёдника из Полоцка. Сейчас сифилис стал студентом Виленской академии, а доктор Лёдник, бывший слуга Пранциша, - суровым профессором этой академии. Обоим литвином придется отправляться в опасную поездку аж в Англию, через всю Европу, оживлять куклу-автомат по имени Пандора, убивать настоящего дракона, бежать от чумы, выпутываться из магнатских заговоров вокруг трона Речи Посполитой и зарабатывать деньги в лондонском бойцовском клубе ...

Авантуры студыёзуса Вырвіча - Людміла Рублеўская читать онлайн бесплатно полную версию книги

Доктар Лёднік прыпаў да акуляра нямецкага мікраскопа, але вывучаў ён не інфузорыі, а жалезны шпіндзялёчак, падобны да бліскучай кузуркі – той, што спрытны студыёзус Пранціш Вырвіч выкруціў з нутра лялькі-аўтамата. Студыёзус быў тут жа – разваліўся на канапе і рабіў выгляд, што рыхтуецца да заняткаў па рыторыцы. Але таўсценны том з прыкладамі красамоўства ўсіх часоў ды народаў валяўся карэньчыкам уверх, разгорнуты на выпадковым месцы. Якая рыторыка, пасля таго, як Лёднік цэлую гадзіну зацята ганяў свайго персанальнага вучня на занятках фехтаваннем, ледзь не па сценках скачучы… Пранціш здагадваўся, што гэткі шалёны рытм атрымаўся, бо доктару трэба было скінуць нервовае напружанне – ён заўсёды казаў, што найлепшы для гэтага сродак – фізічныя практыкаванні. Але ж доктар жалезны – вунь Пранціш, малады, ляжыць, а гэты вымыўся, пераапрануўся – ды за працу. Сядзіць вунь, спакойны такі, дэтальку пінцэтам паварочвае… А які ўжо спакой, калі вось-вось з Акадэміі выпруць – высокапастаўлены апякун памёр, у атачэнні ягонага спадчынніка поўна ворагаў ды зайздроснікаў, у рэктараце некаторыя даўно жыўцом бы блюзнера-доктара зжэрлі. Тут не да паблажлівасці – краіна на мяжы вайны. На расейскі трон села імператрыца Кацярына, былая прынцэса Сафія Ангальт – Цэрбская. Асоба амбітная, якая захоча і ліцвінскія землі кантраляваць. Падстава ёсць: тут жывуць адзінаверцы, якіх пераследуюць за праваслаўную веру. У правах абмяжоўваюць, храмы зачыняюць, гвалтам прымушаюць пераходзіць у вунію… Як не заступіцца? А каб заступіцца – ясна, трэба войскі ўводзіць. Таму на праваслаўных у Кароне глядзяць, як на патэнцыйных здрайцаў. Вось, братчыкаў са Свята-Духава манастыра зноў камянямі закідалі, і хто? Старшакурснікі роднай Віленскай акадэміі… Пранціш увязаўся быў з адным ваяром супраць схізматыкаў у бойку, за што зноў атрымаў спагнанне ад начальства… І Вырвіч зусім не быў пэўны, што ўдасца завершыць адукацыю ў гэтых мурах. А калі разгарацца ваенныя дзеянні, на якім баку давядзецца ваяваць – зноў невядома… Бо вось-вось і карона польская пачне разыгрывацца, як стопка талераў у косткі. Аўгуст Сас на ладан дыхае, сядзіць бязвылазна ў сваіх пакоях ды папяровых чалавечкаў выразае. З папяровымі, ясная рэч, лягчэй справіцца. Князь Міхал Багінскі цягаецца са сваім сябрам-супернікам Станіславам Панятоўскім за ўвагу расейскай імператрыцы – і за магчымасць у будучым стаць каралём. Радзівілы на сябе пышны кілім улады цягнуць… А што будзе з пасадай ваяводы віленскага – страшна ўявіць, бо Міхал Багінскі ў мінулым годзе ажаніўся з уплывовай пані, удавой канцлера надворнага Чартарыйскага Аляксандрай Чартарыйскай з Вішнявецкіх, скарыўшы сэрца пані ігрой на кларнеце ды флейце. А пані Аляксандра – асоба ў палітыцы спрактыкаваная. Аб’яднаўшыся са шматлікімі сёстрамі пана Міхала, стварыла цэлую палітычную ложу… Але ж і за Радзівіламі сіла! Праўда, з жонкай Пане Каханку не пашанцавала – асоба легкадумная, за мужам ні на поле бойкі, ні ў высылку не паедзе, затое ўлюбёная сястра Тэафілія здатная і на двубой, не горш Паланэі Багінскай. І каму справа ў гэтых мітрэнгах да нейкай лялькі?

– Не, толькі не гэта! – роспачны выкрык Лёдніка змусіў шкаляра ўздрыгнуць, хрэстаматыя па рыторыцы паляцела на падлогу, а пані Саламея ледзь не выпусціла паднос з кубкамі кавы, якія несла для стамлёных жняцоў разумовай нівы.

– Навошта я толькі паддаўся цікаўнасці… Зноў – на тыя ж граблі!… Не хачу мець нічога агульнага з падобным! – раз’юшаны прафесар мераў нервовымі крокамі кабінет. – Я столькі прыклаў намаганняў, каб адкараскацца ад усялякай магічнай амарокі, такую цану заплаціў – і вось!

– Ды што такое, Бутрым? Што ты там знайшоў? – пані Саламея паставіла паднос з кубкамі на стол і зазірнула ў мікраскоп. Паціснула плячыма… Яе зараз жа адсунуў ад акуляра Вырвіч. На дэтальцы бачыліся мікраскапічныя літары “VOO”.

Саламея і Пранціш неўразумела перазірнуліся і паглядзелі на знерваванага прафесара.

– І што гэта значыць? – папытаўся Вырвіч. – Ты трох літараў спалохаўся?

Перейти
Наш сайт автоматически запоминает страницу, где вы остановились, вы можете продолжить чтение в любой момент
Оставить комментарий